Дзейнасць

Інфармацыя для распаўсюджвальнікаў прадукцыі тэлевізійных, радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі

 

Міністэрства інфармацыі звяртае вашу ўвагу, што прыём звестак, неабходных для ўключэння ў Дзяржаўны рэестр распаўсюджвальнікаў прадукцыі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і Дзяржаўны рэестр распаўсюджвальнікаў прадукцыі тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі ў паведамляльным парадку ажыццяўляўся да 1 ліпеня 2015 года.

У адпаведнасці з пунктам 6  артыкула 17 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» распаўсюджвальнікі прадукцыі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама прадукцыі тэлевізійных, радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі (далей — распаўсюджвальнікі) падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр распаўсюджвальнікаў прадукцыі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і Дзяржаўны рэестр распаўсюджвальнікаў прадукцыі тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі (далей — дзяржаўныя рэестры) адпаведна.

З 1 ліпеня 2015 года для ўключэння ў дзяржаўныя рэестры разам з заявай (форма дадаецца) у Міністэрства інфармацыі павінны быць прадстаўлены наступныя дакументы, прадугледжаныя пунктам 14.2—3 адзінага пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі ў адносінах юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, зацверджанага Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 лютага 2012 г. № 156:

  • натарыяльна засведчаная копія пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы, індывідуальнага прадпрымальніка (можа быць прадстаўлена без натарыяльнага засведчання з прад’яўленнем арыгінала для зверкі);

  • легалізаваная выпіска з гандлёвага рэестра краіны, дзе замежная арганізацыя заснавана, ці іншы эквівалентны доказ юрыдычнага статусу юрыдычнай асобы ў адпаведнасці з заканадаўствам краіны яго ўстанаўлення.

Распаўсюджвальнікі — юрыдычныя асобы, на якія ўскладзены функцыі рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі, пры распаўсюджванні выпускаемых імі сродкаў масавай інфармацыі не падлягаюць уключэнню ў дзяржаўныя рэестры.

Дзейнасць па распаўсюджванні прадукцыі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама прадукцыі тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі без уключэння ў адпаведны Дзяржаўны рэестр з’яўляецца  незаконнай і цягне адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўная пошліна за ажыццяўленне працэдуры ўключэння ў дзяржаўныя рэестры не прадугледжана.

Адначасова паясняем, што ў адпаведнасці з падпунктам 8.5 пункта 8 Інструкцыі аб парадку стварэння і вядзення Дзяржаўнага рэестра распаўсюджвальнікаў прадукцыі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і Дзяржаўнага рэестра распаўсюджвальнікаў прадукцыі тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі, зацверджанай Пастановай  Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 17.04.2015 № 3, у заяве павінны быць адлюстраваны наступныя звесткі:

  1. у адносінах тэлепраграм (радыёпраграм), зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь, — нумар і дата дагавора(-аў) з праваўладальнікам, што пацвярджае наяўнасць у заяўніка адпаведных праў на распаўсюджванне сродку масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і тэрмін яго дзеяння;

  2. у адносінах замежных тэлепраграм (радыёпраграм):

  • нумар і дата дагавора(-аў) з праваўладальнікам, які пацвярджае наяўнасць у заяўніка адпаведных праў на распаўсюджванне замежнага сродку масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і тэрмін яго дзеяння.

Аналагічным чынам запаўняюцца і адпаведныя пазіцыі ў заяве аб уключэнні ў Дзяржаўны рэестр распаўсюджвальнікаў прадукцыі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі.

Уключэнне распаўсюджвальнікаў у адпаведны Дзяржаўны рэестр ажыццяўляецца Міністэрствам інфармацыі не пазней пятнаццаці рабочых дзён з дня падачы імі заявы з прыкладаннем дакументаў.

Асновай для ўнясення змяненняў і (або) дапаўненняў у дзяржаўныя рэестры з’яўляецца пісьмовае паведамленне распаўсюджвальніка прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі з прыкладаннем натарыяльна засведчаных копій пацвярджальных дакументаў (могуць быць прадстаўлены без натарыяльнага засведчання з прад’яўленнем арыгінала для зверкі) у месячны тэрмін з дня змянення звестак, якія падлягаюць уключэнню ў дзяржаўныя рэестры.

Рашэнне аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у дзяржаўныя рэестры прымаецца Міністэрствам інфармацыі ў пятнаццацідзённы тэрмін з дня падачы паведамлення.

Заява  і дакументы, якія да яе дадаюцца, накіроўваюцца ў Міністэрства інфармацыі па адрасе:

220004, г. Мінск, праспект Пераможцаў, 11.